«Dissidentby» – гэта ініцыятыва, мэтай якой з’яўляецца зрабіць бачным для грамадства кожнага палітычнага зняволенага і асобаў, якія сталі аб’ектам палітычна матываванага пераследу, а таксама аказваць ім неабходную дапамогу.
На сайце ініцыятывы некалькі раздзелаў, якія не толькі змяшчаюць актуальную інфармацыю пра палітвязняў у Беларусі, але і дазваляюць як аказаць, так і папрасіць пра дапамогу:
- Спіс палітвязняў – Змяшчае інфармацыю пра палітвязняў, а таксама дазваляе правесці пошук па спісе, выкарыстоўваючы розныя фільтры, такія як узрост, пол, статус, СІЗА, у якім утрымліваецца і г.д.
- Дапамога сем’ям — Па пазначаных у раздзеле рэквізітах вы зможаце дапамагчы сям’і канкрэтнага палітычнага вязня наўпрост. Пазначаныя дадзеныя, спраўджаныя аўтарамі ініцыятывы.
- Шукаем інфармацыю – тут можна азнаёміцца з запытамі на інфармацыю. Калі вы некага пазнаеце і можаце дапамагчы звязацца са сваякамі, дык можна паведаміць пра гэта.
- Аб’явы – тут знаходзяцца як запыты на дапамогу, так і прапановы яе аказаць.
- Ахвяры рэжыму – спіс загінулых.
Важным аспектам з’яўляецца пазіцыя аўтараў ініцыятывы ў адносінах да прысваення статусу палітвязня.
Аўтары хочуць звярнуць увагу грамадскасці на поўную колькасць палітычных зняволеных і пераследаваных па палітычных матывах беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, звязаных з выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе; а таксама, адзначыць супярэчнасць у механізме прызнання “палітычнымі зняволенымі”, які выкарыстоўваецца на дадзены момант.
Сотні беларусаў, якія знаходзяцца пад вартай ці арыштам праз сваю палітычную пазіцыю, не прызнаныя палітычнымі зняволенымі на падставе абвінавачання іх у гвалце/злачынстве супраць асобы (у адрас супрацоўнікаў сілавых структураў) або маёмасці. Аднак, у сувязі з цяперашняй рэпрэсіўнай палітычнай сітуацыяй у Беларусі, аўтары ініцыятывы настойваюць на неабходнасці змены падыходу да прызнання палітычным зняволеным. Крытэры, якія выкарыстоўваюцца на дадзены момант, не былі разлічаныя на функцыянаванне ў сітуацыі гвалтоўнага ўтрымання ўлады і прававога дэфолту.
Ініцыятыва таксама дапамагаем сем’ям палітычных зняволеных купляць і адпраўляць перадачы ў турмы і калоніі.
Абсалютна ўсе рэсурсы ідуць на падтрымку вязняў: перадачы, атаварка, падпіска на газеты і часопісы. Калі вы хочаце падтрымаць нейкую сям’ю адрасна, напішыце ім у асабістых паведамленнях праз канал у Telegram.