Пасля пратэстаў 2020 году ў Беларусі па палітычных матывах асудзілі каля пяці тысяч чалавек, дзясяткі забітыя, дзясяткі тысяч прайшлі праз турмы і катаванні, сотні тысяч вымушаныя былі з’ехаць.
Нягледзячы на гэта, больш за 80% беларусаў выказаліся супраць вайны. А паводле апытанняў Chatham House, у пачатку расійскага наступу на Украіну толькі 3% беларусаў падтрымлівалі ўдзел беларускай арміі ў вайне на баку Расіі.
Нягледзячы на тое, што за намер арганізаваць пратэст беларусам можа пагражаць смяротнае пакаранне, за чатыры месяцы вайны ў Менску прайшлі антываенныя пратэсты з тысячамі арыштаваных, зарадзіўся партызанскі рух, тысячы людзей былі затрыманыя за антываенныя выказванні ў інтэрнэце і здымкі расійскай вайсковай тэхнікі. Былі арганізаваныя добраахвотніцкія батальёны, якія ваююць на баку Украіны, адпраўленыя дзясяткі тон гуманітарных грузаў, амуніцыі і абсталявання, тысячы беларускіх валанцёраў працуюць у гуманітарных структурах.

Аднак да гэтага часу ў свеце шмат хто лічыць, што Лукашэнка і Беларусь – сінонімы. Гэта адбываецца дзякуючы прапагандзе, што вядзе сам Лукашэнка, які стварыў імідж чалавека, без якога Беларусь не можа існаваць.
Шмат у чым праз крамлёўскую машыну прапаганды гэты наратыў пашырыўся да нібыта “народнай падтрымкі” агрэсіўнай вайны, развязанай Пуціным. У рэальнасці ж беларусы зрабілі ўсё магчымае, каб прадухіліць захаванне Лукашэнкі ва ўладзе і ўдзел Беларусі ў вайне на баку акупантаў.
Добраахвотнікі
Ад самага пачатку ўварвання Расіі ва Украіну беларускія добраахвотнікі ўліліся ў склад Узброеных Сілаў Украіны і атрады тэрытарыяльнай абароны.
Самым вялікім фармаваннем беларускіх добраахвотнікаў з’яўляецца батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Самым вялікім фармаваннем беларускіх добраахвотнікаў з’яўляецца батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Адзін з заснавальнікаў дзейнага батальёну, Павел Кулажанка, у мінулым быў амапаўцам, аднак пасля далучыўся да руху “Супраціў” і “Ляцяць буслы” – арганізацыям, якія выступалі супраць беларускага рэжыму.
Нягледзячы на тое, што ГУБАЗіК завёў крымінальныя справы ўжо на 50 “каліноўцаў”, яны працягваюць абараняць незалежнасць Украіны. І гэтая дапамога высока цэніцца. Напрыклад, ва ўкраінскім горадзе Роўна прапануюць перайменаваць мясцовую вуліцу Віцебская ў вуліцу Кастуся Каліноўскага.
Існуе таксама полк “Пагоня” пад кіраўніцтвам Вадзіма Пракоп’ева, створаны па ініцыятыве беларускіх афіцэраў пры падтрымцы УСУ для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны.
Акрамя “Пагоні”, ёсць добраахвотніцкі батальён “Братэрства”, які вызначыўся пры вызваленні пасёлку Лук’янаўка ў Кіеўскай вобласці. А таксама атрад Іллі Літвіна, названы ў гонар беларускага ваяра, які загінуў пад Бучай.

«Беларускі Гаюн»
Асобна варта расказаць пра каманду ініцыятывы “Беларускі Гаюн”.
Каманда праекту “Беларускі Гаюн” з канца студзеня 2022 года займаецца маніторынгам і адсочваннем перасоўванняў як войскаў Расійскай Федэрацыі, так і беларускіх войскаў, якія падпарадкоўваюцца Лукашэнку, на акупаванай тэрыторыі і ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь.
Таксама яны ідэнтыфікуюць запускі ракет крамлёўскімі войскамі ў бок Украіны, каб паспець папярэдзіць жыхароў Украіны пра магчымыя бамбаванні. Яны робяць расследаванні, правяраюць фэйкі і ўкіды, якія тычацца сітуацыі ў Беларусі, і ўсімі сіламі імкнуцца дапамагчы Украіне і ўкраінцам як мага хутчэй перамагчы ў гэтай бесчалавечнай вайне, развязанай Пуціным.

BYSOL
Фонд BYSOL стаў адказам беларускага грамадства на хвалю беззаконня і гвалту, якая абрынулася на Беларусь у жніўні 2020 года. Тады ён засяродзіўся на дапамозе людзям, якія страцілі працу па палітычных прычынах, і тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну.
Цяпер фонд супрацоўнічае з украінскімі актывістамі і ініцыятывамі, аказвае гуманітарную дапамогу Украіне і падтрымлівае беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца ў шэрагах украінскай арміі.

Іншыя ініцыятывы
Многія беларускія ініцыятывы пачалі аказваць дапамогу ўкраінцам. З большасцю з іх вы можаце пазнаёміцца на нашым сайце ў раздзеле “Ініцыятывы”. Ніжэй мы прыводзім толькі некаторыя з іх.