top of page

Рэферэндум без выбару

Рэферэндум без выбару

У гэтым артыкуле пагаворым пра маючы адбыцца ў лютым 2022 года рэферэндум, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і яе тэксты-папярэднікі, альтэрнатывы і пра тое, як зрабіць выбар нават тады, калі здаецца, што права на выбар ужо няма.

Чаму гэта важна?

Такім чынам, на двары 2022 год, мы перажылі чарговыя нелегітымныя выбары, пратэсты, хвалю рэпрэсіяў, сусветную ізаляцыю і міграцыйны крызіс. І вось, на думку рэжыму Лукашэнкі, менавіта цяпер настаў час змяніць Асноўны закон краіны, які з’яўляецца базай усіх нарматыўна-прававых актаў, рэгулюе фундаментальныя прынцыпы функцыянавання грамадства і дзяржавы.

У прынцыпе, гэта ўжо далёка не першы рэферэндум ад Лукашэнкі, і спрагназаваць, да чаго ён прывядзе, ня трэба адмысловых намаганняў. Але мы прапануем разабрацца ў пытанні дэталёва, каб, прымаючы рашэнне, як дзейнічаць падчас рэферэндуму, не абмяжоўвацца палітычнымі слоганамі. Дакладна разумець сутнасць працэсаў, якія адбываюцца, тое, як і навошта рэферэндум павінен праходзіць і да чаго ён можа прывесці.

Чаму важная Канстытуцыя?

Канстытуцыя – гэта асноўны закон дзяржавы, адмысловы нарматыўна-прававы акт, які мае найвышэйшую юрыдычную сілу. Гэта дамова паміж народам і ўладай, у якой вызначаюцца:

  • Парадак фармавання дзяржавы;
  • Правы, свабоды і абавязкі кожнага грамадзяніна;
  • Дзяржаўны лад краіны;
  • Эканамічная дактрына;
  • Пазіцыянаванне дзяржавы на сусветнай арэне.

Трохі гісторыі

Для пачатку зробім невялікі гістарычны экскурс, бо дзейная Канстытуцыя 1994 года далёка не першая для нашай краіны. Мы маем доўгую гісторыю правапераемнасці, і нам ёсць з чым параўноўваць.

Каб не апускацца ў сівую даўніну, за базавую кропку адліку возьмем статут Вялікага Княства Літоўскага, прыняты ў 16 стагоддзі, які з’яўляўся самым прагрэсіўным юрыдычным дакументам свайго часу.

Напісаны на старабеларускай мове, ён замацаваў ва Усходняй Еўропе галоўныя прынцыпы дзяржавы, якія ўключалі ў сябе і прынцып падзелу ўладаў. Менавіта тое, чаго цяпер крытычна бракуе ў постсавецкіх краінах, да якіх адносіцца і Беларусь.

Статут ВКЛ згадваўся ў прэамбуле праекту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але пры канчатковым зацвярджэнні засталася толькі спасылка на “шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці”.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і інкарпарацыі ў Расійскую імперыю пра канстытуцыю як пра з’яву забыліся на доўгія гады. Сур’ёзна разглядаць змест Канстытуцыі БССР, спісанай пад капірку з агульнасавецкай, мы, відаць, не станем.

У выніку распаду СССР 27 ліпеня 1990 года Беларусь абвясціла сябе суверэннай дзяржавай, якая будзе будуецца на нацыянальнай аснове з прызнаннем беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Пачалася падрыхтоўка новай Канстытуцыі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь набыла моц 30 сакавіка 1994 года, таксама былі прызначаныя выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Але далей, як мы памятаем, нешта пайшло не так. Прэзідэнт ужо праз год з дапамогай рэферэндумаў пачаў ператвараць краіну ў дыктатарскі рэжым.

Рэферэндум

Рэферэндум — з’ява, безумоўна, станоўчая. Гэта інстытут наўпроставай дэмакратыі, які з’яўляецца інструментам непасрэднай праватворчасці народу. Аднак гістарычна склалася так, што рэферэндум пры гэтым з’яўляецца ўлюбёным спосабам дыктатараў канцэнтраваць уладу ў сваіх руках і легітымізаваць свае злачынствы.

Так рабілі Антоніа Салазар, Бэніта Мусаліні, Адольф Гітлер, Франсіска Франка, Пак Чон Хі, Фердынанд Маркас, а не так даўно і Уладзімір Пуцін.

Па гэтым жа шляху пайшоў і Аляксандр Лукашэнка. Дзякуючы рэферэндумам 1995, 1996, 2004 гадоў наша краіна пазбавілася нацыянальных сімвалаў, Беларусь пачала працэс інтэграцыі з Расіяй, а прэзідэнт атрымаў велізарную колькасць паўнамоцтваў, у тым ліку прызначаць рэферэндумы і выбары, прызначаць амаль усіх службовых асобаў і вызваляць іх ад пасады, прызначаць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады, а таксама права разам з указамі выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў, што падрывае прынцып падзелу ўладаў. І як вішанька на торце – зацвердзіў права абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў.

Што на гэты раз прапануе змяніць Лукашэнка?

Праекты зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю апублікавалі на сайце прававога інтэрнэт-парталу Рэспублікі Беларусь. Вось толькі некаторыя з іх:

  • Адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта краіны больш за 2 кадэнцыі;
  • Па заканчэнні кадэнцыі прэзідэнт можа стаць пажыццёвым членам верхняй палаты Парламента;
  • У праекце прапануецца замацаваць права прэзідэнта ўводзіць надзвычайнае становішча на тэрыторыі Беларусі пры спробах гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу, пры масавых беспарадках;
  • Канстытуцыю таксама прапануецца дапоўніць артыкулам пра недатыкальнасць прэзідэнта, у тым ліку і пасля заканчэння яго паўнамоцтваў;
  • Усебеларускі народны сход прапануецца зрабіць вышэйшым органам у выпадку парушэння прэзідэнтам Канстытуцыі або дзяржаўнай здрады.

Як можна выказаць здагадку з гэтых пунктаў, падобна на тое, што Лукашэнка рыхтуецца да транзіту, вызначаючы сабе цёплае пажыццёвае месцачка ў парламенце, прыкрыўшы сябе поўнай недатыкальнасцю за ўчыненыя раней злачынствы. А калі нешта пойдзе не паводле плану, дык пераемніка можна будзе і адсунуць. Ну а ў кантэксце актыўнай інтэграцыі з Расіяй, сцэнароў развіцця падзеяў становіцца яшчэ больш.

Крытыкуеш? Прапануй лепш!

Вядома, першае, што прыходзіць на розум, – гэта пошук альтэрнатывы новых паправак у Канстытуцыю. І такая альтэрнатыва ёсць. З ужо гатовым праектам дэмакратычнай Канстытуцыі вы можаце азнаёміцца на сайце «Канстытуцыя». Там ёсць і сам праект альтэрнатыўнай Канстытуцыі, і апошнія навіны пра маючы адбыцца рэферэндум і шмат чаго цікавага.

Аднак мы павінны выдатна разумець, што на маючым адбыцца рэферэндуме ніхто не стане прапаноўваць разгляд іншых варыянтаў зменаў Канстытуцыі, акрамя тых, што прапаноўвае Лукашэнка. Але што важна: калі палітычная сітуацыя зменіцца, нам ёсць што прапанаваць у якасці асновы для новай Канстытуцыі дэмакратычнай Беларусі. Так што далучайцеся, вывучайце і памятайце: перамены адбываюцца імкліва і трэба быць да іх гатовымі!

Ну а мы проста агучым некалькі характэрных адрозненняў нашай альтэрнатыўнай Канстытуцыі, час якой хутка надыдзе, ад лукашэнкаўскай:

  • Абмежаванне прэзідэнцтва двума кадэнцыямі на працягу жыцця;
  • Скарачэнне паўнамоцтваў прэзідэнта;
  • Прызначэнне ўрада парламентам, а не прэзідэнтам;
  • Вяртанне аднапалатнага парламента;
  • Прывядзенне мясцовага самакіравання ў адпаведнасць з еўрапейскай хартыяй;
  • Стварэнне Нацыянальнай рады правасуддзя, якая забяспечвае незалежнасць судовай улады;
  • Стварэнне інстытуту Упаўнаважанага па правах чалавека;
  • Права грамадзянаў самастойна звяртацца ў Канстытуцыйны суд;
  • Незалежная ад выканаўчай улады фармаванне выбарчых камісіяў на базе ўдзелу ўсіх палітычных сілаў і пад кантролем усіх грамадскіх арганізацыяў.

Але што рабіць цяпер?

Мы лічым, што ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ёсць толькі адзін годны і эфектыўны спосаб удзелу ў маючым адбыцца рэферэндуме: зрабіць гэты рэферэндум несапраўдным!

Відавочна, што рэферэндум неабходны, каб паспрабаваць вярнуць рэжыму Лукашэнкі згубленую легітымнасць і стварыць ілюзію пераменаў для Захаду і Расіі, а таксама ўзаконіць вечнае кіраванне Лукашэнкі і яго світы.

Байкот не выйсце, бо гэта на руку існай сістэме. Лукашэнка патрэбная мінімальная яўка на рэферэндум, ён імкнецца да таго, каб на ўчасткі прыйшлі толькі тыя, каго можна загнаць сілай.

Дэмакратычныя сілы выпрацавалі агульны падыход да дзеяння ў дзень галасавання! Неабходна прыйсці на ўчастак і зрабіць бюлетэнь несапраўдным:

паставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных варыянтаў і апусціць у скрыню для галасавання несапраўдны бюлетэнь.

Памятаеце: наша будучыня ў нашых руках! Барацьба за свабоду і незалежнасць толькі пачалася, а ваш правільны выбар падчас рэферэндуму – гэта яшчэ адзін крок да перамогі!

Іншыя артыкулы, якія могуць табе спадабацца

bottom of page